У Мінску пройдзе пасяджэнне каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь

У Мінску пройдзе пасяджэнне каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь
Дэлегацыя Еўрапейскага саюза наведае Мінск 16-17 лістапада 2016 года, каб прыняць удзел у другім пасяджэнні Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь. Дэлегацыю Еўрапейскага саюза ўзначаліць выканаўчы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў Томас Маер-Хартынг. Алена Купчына, намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, узначаліць беларускую дэлегацыю, у якую таксама ўвойдуць прадстаўнікі міністэрства замежных спраў і шэрагу галіновых міністэрстваў. У перамовах возьмуць удзел прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацый і экспертнай супольнасці. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў будуць двухбаковыя прыярытэты партнёрства, пытанні правоў чалавека і дэмакратыі, супрацоўніцтва ў рамках Усходняга партнёрства, галіновыя пытанні, у тым ліку ў сферах эканомікі і фінансаў, гандлю, транспарту, экалогіі, энергетыкі, мытнай дзейнасці, мабільнасці і супрацоўніцтва ў мэтах развіцця. Першае пасяджэнне Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь адбылося ў Бруселі 6-7 красавіка 2016 года. Чакаецца, што група будзе праводзіць свае сустрэчы два разы на год, каб падводзіць вынікі супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю ва ўсіх сферах і дамаўляцца пра далейшыя крокі. Інфармацыя Прадстаўніцтва Еўрапейскага cаюза ў Беларусі.